Выносілі аўтаматы і гранаты на продаж: падрабязнасці засакрэчанай справы, якая можа каштаваць пасады некалькім міністрам

Выносілі аўтаматы і гранаты на продаж: падрабязнасці засакрэчанай справы, якая можа каштаваць пасады некалькім міністрам

Канец чэрвеня, Баранавічы. У вайсковую камендатуру вязуць старшыну роты 8-й брыгады вайсковай часці 29969 (супрацьпаветраныя войскі).

7 августа 2018

У «васьмёрцы» мужчына служыць зусім нядаўна, пару месяцаў.

Гэта былы спецназавец з Мар’інай Горкі, і хаця ў Баранавічах ён расказваў, што перавялі яго па стане здароўя, гэта няпраўда — развітацца з ССА яму давялося праз клінічную агрэсію — некалькі разоў ён быў замешаны ў бойках.

Апошняй кропляй для кіраўніцтва 5-й брыгады стала тое, што ён зламаў нагу нейкаму чалавеку на вуліцы. За гэта яго адправілі служыць у баранавіцкую часць «для залётных» — такая рэпутацыя ў «васьмёркі» (хаця такога персанажа справядліва было б увогуле выгнаць).

І вось зноў старыя памылкі — нападпітку, як кажуць, старшына збівае двух салдат у Баранавічах, — і гэта пасля «коржычаўскіх» разносаў у войску!

У новай часці яму гэта не даруецца і ўжо едучы, затрыманым, у машыне камендатуры, ягоны напалоханы мозг знаходзіць выратаванне — выпадкова затрыманы выпадкова апраўдваецца «А чаму вы ўвогуле на мне адрываецеся? У вас тут у часці і без мяне дупа». І гэтым дае старт касмічнай па сваім абсурдзе крымінальнай справе.

* * *

На раніцу наступнага дня жыхары раёна «Ваенны гарадок» ад самай раніцы бачаць дзіўную карціну — цэлы шматкватэрны дом аточаны машынамі сапёраў, міліцыі, камендатуры і хуткай дамапогі.

Ніхто не разумее, што адбываецца.

А адбываецца вось што — ператрус у 24-гадовага прапаршчыка «васьмёркі» Дзмітрыя К., які служыць у роце матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння на пасадзе загадчыка збройнага складу часці.

Ранкам да яго з надуманай прычыны папрасіліся ў госці начальнік часці з яшчэ адным саслужыўцам — насамрэч камандзір хацеў спраўдзіць паведамленне затрыманага напярэдадні спецназаўца пра тое, што ў Дзмітрыя К. дома арсенал зброі: пісталеты і аўтаматы.

І камандзір знаходзіць у кватэры зброю! — некалькі пісталетаў Макарава, некалькі АКСУ.

Дзмітрыя К. скручваюць, прыязджаюць надзвычайныя службы.

Падазраваны ў крадзяжы зброі прапаршчык Дзмітрый К., фота з застаўкі мэсэнджара.

Цягам допытаў высвятляюцца шакуючыя дэталі.

Аказваецца, прыкладна з восені мінулага года (следства яшчэ ўстановіць дакладныя даты) прапаршчык К. метадычна выносіў са склада, за які адказваў, зброю.

Ніякай інвентарызацыі за гэты час не праводзілася, нават пры тым, што змяніўся камандзір, — а гэта абавязкова працэдура пасля змены камандавання.

Гаворка, як вядома «Нашай Ніве», ідзе пра чатыры дзясяткі адзінак зброі — аўтаматы і пісталеты, гранаты і патроны — асобна.

Рабілася гэта «неймаверна топарна», як кажуць знаёмыя са справай, — ён проста клаў у заплечнік аўтамат і праходзіў праз КПП, бо яго ніхто не правяраў.

Варта дадаць, што сам той склад знаходзіцца на тэрыторыі 61-й авіябазы, звышважнага аб’екта беларускай арміі.

Аўтамат Калашнікава складны ўкарочаны (АКСУ)— такі можна пранесці ў заплечніку, бо ён складваецца і невялікага памеру.

Ці дадумаўся прапаршчык да гэтага сам? Можна меркаваць, што не — у ходзе следства ён даў паказанні на яшчэ двух чалавек: другога прапаршчыка, старэйшага па гадах (у мінулым — чорнага капача, якому выносіліся папярэджанні за прыцягнутыя з лесу ППШ) і… высокапастаўленага супрацоўніка Баранавіцкага райаддзела ўнутраных спраў.

Гэтая тройца ў дадзены момант затрыманая, роля кожнага высвятляецца, але асноўным стаіць пытанне лёсу зброі — па нашай інфармацыі, частку пакуль не знайшлі.

Што з ёй рабілі? Гэта асобная гісторыя.

Прапаршчык К. хваліўся доступам да зброі перад сваімі сяброўкамі і нават страляў перад імі з ПМа і аўтамата Калашнікава. Некалькі гранат ён узарваў… Некалькі адзінак зброі ён раздарыў сваім знаёмым, у якіх не ўзнікла пытанняў адносна законнасці такіх падарункаў — чаму яны пра гэта не падумалі, гэтыя людзі цяпер расказваюць следчым з контрразведкі.

Але што тая разведка! Як нам вядома, пісталет у падарунак атрымаў нават і супрацоўнік контрразведкі — праўда, не афіцэр, а такі ж кантрактнік-кіроўца, які сябраваў з К.

Але і гэты хай сабе «разведчык» толькі па месцы работы, а не па прафесіі, не палічыў патрэбным расказаць людзям, якіх ён возіць, пра такія падарункі. Гэты кіроўца затрыманы.

Таксама некалькі адзінак зброі трапілі на рукі да тутэйшых людзей — кажуць, адзін дзед купіў аўтамат, пісталеты прапаноўваліся таксістам і прынамсі адзін такой прапановай скарыстаўся.

Як сцвярджаюць крыніцы «Нашай Нівы», АКСУ прадаваўся за 1000 долараў, ПМ — за 250.

Вядома, што ўсе тыя, хто купіў ці атрымаў у падарунак зброю, цяпер знаходзяцца пад следствам, яшчэ частку скрадзенага следчыя знайшлі ў дзвюх схованках пад Клецкам і Баранавічамі.

Наколькі можна меркаваць па інфармацыі ад крыніц, нязнойдзеную частку зброі старэйшыя «сябры» К. прадалі ў Расію і меліся прадаць яшчэ, калі б не п’яныя прыгоды асобна ўзятага старшыны.

Як нам вядома, цягам следства К. казаў, што хацеў «прадаць зброю і згубіцца ў Расіі».

Як стала вядома «Нашай Ніве», расследаванне гэтай гісторыі вядзецца ў атмасферы таемнасці і сакрэтнасці — міністр Раўкоў прыязджаў у Баранавічы і гадзіну крычаў, што «васьмёрку» трэба распусціць, справу вядуць найлепшыя следчыя апаратаў контрразведкі і КДБ.

Гэтая гісторыя ставіць пад пытанне і будучыню асобных міністраў, і стан усёй сістэмы бяспекі. Выключны выпадак быў раскрыты не сістэмнай работай спецслужбаў, а выпадкова. А спецслужбы не ведалі пра тое, пра што ведалі раённыя кампаніі, перад якімі К. хваліўся зброяй.

Як кажуць людзі, якія адслужылі ў «васьмёрцы» не адзін дзясятак год і цяпер на пенсіі — падобнай сітуацыі там раней не здаралася. Хто служыў, той ведае, што ў арміі, бывае, за адну гільзу садзяць, а тут амаль што год цягалі зброю з баявога склада.

Міністэрства абароны пацвердзіла факт надзвычайнага здарэння ў адной з баранавіцкіх часцей.


Крыніца: Наша Ніва

Комментировать