«Вайскоўцы бяз масак, лекары — хто як». Прызыўнік расказаў, як працуе мэдычная камісія ў Гомлі

«Вайскоўцы бяз масак, лекары — хто як». Прызыўнік расказаў, як працуе мэдычная камісія ў Гомлі

Праваабаронца з арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак накіраваў ліст да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка з заклікам падтрымаць абвяшчэньне ў краіне карантыну.

16 апреля 2020

Алег Воўчак спаслаўся на зьвесткі ад прызыўнікоў, якія расказалі, як праходзілі мэдычную камісію перад прызывам у войска.

Алег ВоўчакАлег Воўчак

«Мне толькі што пазванілі прызыўнікі з Гомля, дзе праходзяць мэдычны агляд для прызыву, і паведамілі, што дактары былі бяз масак, прызыўнікоў трымаюць у адным памяшканьні. Прызыўнікі і мэдыкі апасаюцца за сваё здароўе. Хоць са спазьненьнем, трэба рабіць захады агульнага карантыну па краіне. Калі прызыўнікі зараз захварэюць і прынясуць хваробу ў войска — змагацца зь ёй будзе нашмат складаней, чым мы можам уявіць», — папярэджвае праваабаронца Алег Воўчак.

24-гадовага Аляксандра могуць забраць у войска пасьля адтэрміноўкі па вучобе. Прызыўнік быў сярод тых, каго 6 красавіка выклікалі ў абласны вайсковы камісарыят на мэдычны агляд. Цяпер малады чалавек непакоіцца, ці не падхапіў каранавірус.

«У цесным калідоры нас сядзела 20, часам і 30 чалавек, бо людзі прыходзілі-сыходзілі. Усе былі без мэдычных масак, у тым ліку і вайскоўцы, якіх я там бачыў. Лекары — хто як, але большасьць бяз масак ці з маскамі, спушчанымі на шыю, каб не заміналі. Усяго па часе гэта заняло амаль 2 гадзіны. Можна было выйсьці на двор, але ня больш як на 5 хвілін, бо маглі ў любую хвіліну выклікаць. Калі шчыра, тады я ня думаў, магу там падхапіць які вірус ці не, але цяпер — думаю. Заўтра мне зноў на камісію, і ўжо зьяўляюцца іншыя думкі», — кажа Аляксандар.

Па камэнтар да сытуацыі карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да прэсавага сакратара Міністэрства абароны Натальлі Гаўрусік. Паводле Натальлі Гаўрусік, падчас прызыўной кампаніі ўлічваецца эпідэміялягічная сытуацыя.

«Яшчэ на мінулым тыдні мы рэкамэндавалі ўсім камісарыятам арганізаваць агляд прызыўнікоў гэтак, каб цягам 20 хвілін агляд адначасова праходзілі ня больш за 2 чалавекі. Але трэба разумець, што праз Гомельскі абласны вайсковы камісарыят прызываюць найбольш у параўнаньні зь іншымі абласнымі камісарыятамі. Таму, магчыма, ім складаней, чым іншым, выконваць гэтую рэкамэндацыю», — мяркуе Натальля Гаўрусік.

Натальля Гаўрусік нагадала, што мэдыкі, залучаныя да мэдычнага агляду прызыўнікоў, не падпарадкоўваюцца Міністэрству абароны.

«Іх забясьпечанасьць маскамі ды іншымі сродкамі засьцярогі — ня ў нашай кампэтэнцыі. Але мне вядома, што яшчэ 2 тыдні таму Міністэрства аховы здароўя ўрэгулявала пытаньне адносна забясьпечанасьці сродкамі засьцярогі мэдыкаў, якіх далучаюць да мэдычнага агляду прызыўнікоў», — сказала Натальля Гаўрусік. Што да супрацоўнікаў камісарыятаў, то, паводле прэсавага сакратара Міністэрства абароны, у гэты момант вайсковая ўстанова займаецца пытаньнем забесьпячэньня ўсіх іх мэдычнымі маскамі ды іншымі сродкамі.

«Пастаўлена задача ўсіх забясьпечыць маскамі і пальчаткамі, незалежна нават ад таго, у якой ступені яны кантактуюць з прызыўнікамі», — сказала Натальля Гаўрусік.

Паводле прэсавага сакратара Міністэрства абароны Натальлі Гаўрусік, «сярод вайскоўцаў Беларусі на сёньня няма такіх, хто б захварэў на каранавірус».


Крыніца: Радыё Свабода

Подписывайтесь  на наш telegram канал

Обсуждение