«У IT-роце месца не хапіла». Айцішнік, які змагаўся з законам «аб адтэрміноўках», пайшоў у войска

«У IT-роце месца не хапіла». Айцішнік, які змагаўся з законам «аб адтэрміноўках», пайшоў у войска

25  лістапада былы кандыдат у дэпутаты Аляксей Лазараў пайшоў у войска. На працягу ўсёй сваёй нядоўгай кампаніі ён даводзіў, што закон «аб адтэрміноўках» несправядлівы. А вось «адкасіць» ад службы нават не паспрабаваў.

2 декабря 2019

«Чаму ніхто нічога ня робіць? Гэта ж максымальна антынародны закон!»

Сябры зладзілі Аляксею незвычайныя «праводзіны». 22 лістапада ён усё ж такі зьезьдзіў на перапахаваньне Кастуся Каліноўскага ў Вільню. Там паплечнікі з «Моладзевага блёка» яго і «праводзілі».

Цяпер, у 6:30 раніцы ў панядзелак, мы разам з Аляксеем, яго сябрамі і дзяўчынай, сустракаемся ў мэтро «Грушаўка». Аляксей вярнуўся зь Вільні на цягніку толькі а гадзіне начы. Разам рушым да вайсковага камісарыяту Маскоўскага раёна Менску.

Аляксей Лазараў зь сябрамі ідзе да вайсковага камісарыятуАляксей Лазараў зь сябрамі ідзе да вайсковага камісарыяту

Праводзіць Лазарава прыйшлі яго паплечнікі з Моладзевага блёку — Стас Шашок, Алана Гебрэмарыям, Даніла Лаўрэцкі, Міхась Варанцоў, дзяўчына Саша, з якой Лёша сустракаецца ўжо 4 гады, ды іншыя сябры з актывісцкай тусоўкі.

Пакуль мы ідзем, Стас Шашок праводзіць міні-экскурсію па Грушаўцы. Усе жартуюць, а Аляксей кажа, што больш за ўсё баіцца, што страціць час.

Аляксею Лазараву 21 год. Сёлета ён скончыў факультэт радыёфізыкі БДУ і думаў паступаць у магістратуру — у Беларусі ці за мяжой. Але раптам Міністэрства абароны прапанавала прыняць нашумелы закон «аб адтэрміноўках». Законапраект трапіў у Палату прадстаўнікоў, яго зацьвердзілі, а Лазараў, абураны такой навіной, стаў актывістам кампаніі «учебаважнее». І амаль адразу вырашыў, што паспрабуе балятавацца ў Палату прадстаўнікоў.

Аляксей зь дзяўчынай СашайАляксей зь дзяўчынай Сашай

«Я далучыўся да руху прыкладна на пачатку лета. Калі стала вядома пра закон «аб адтэрміноўках», я падумаў: «Чаму ніхто нічога ня робіць? Гэта ж максымальна антынародны закон!». Потым стары таварыш запрасіў мяне ў Telegram-чат «Protestby», там сабралася шмат чалавек, — узгадвае Лазараў, як стаў актывістам. — Гэта было выдатна, што сабраўся такі рушняк. Нейкі час мы праводзілі адзіночныя пікеты, потым я зарэгістраваўся кандыдатам у кандыдаты ў дэпутаты і напісаў пра гэта ў чат. Тады мяне запрасілі ў вузкі чат кандыдатаў, і там мы вырашылі стварыць «Моладзевы блёк».

Аляксей Лазараў (зь мікрафонам) зь сябрамі з «Моладзевага блёку» на пікеце каля Міністэрства адукацыі. 15 лістапада 2019 годуАляксей Лазараў (зь мікрафонам) зь сябрамі з «Моладзевага блёку» на пікеце каля Міністэрства адукацыі. 15 лістапада 2019 году

«Адслужу паўгода і паеду ў Чэхію»

Аляксей Лазараў стаў адным з васьмі маладых людзей, якія стварылі «Моладзевы блёк» і ўзялі ўдзел у парлямэнцкай кампаніі. Паступленьне ў магістратуру хлопец вырашыў адкласьці. Ён разумеў, што калі не паступіць, то атрымае позву на восеньскі прызыў і на паўгода пойдзе служыць у войска. Так і сталася — у канцы жніўня прыйшло «прывітаньне» ад камісарыяту.

«Летам інфармацыя наконт закону пастаянна зьмянялася, і я вырашыў, што калі я сваёй краіне не патрэбен як магістрант, як спэцыяліст, то ОК, адслужу паўгода, таму што ў мяне вайсковая катэдра, і потым проста паеду ў Чэхію. Для мяне гэта было як пратэст», — тлумачыць рашэньне Лазараў.

Да нядаўняга часу Аляксей меў доўгія валасы — кажа, расьціў паўтара года. На адным зь пікетаў «Моладзевага блёку» падчас парлямэнцкай кампаніі проста на вуліцы яго пагаліў актывіст Павал Вінаградаў.

Аляксей з даўгімі валасаміАляксей з даўгімі валасамі

«Мяне ўсё роўна забіраюць у войска, і мы вырашылі, што будзе паказальна, калі мы зробім такое шоў на пікеце. Мы хацелі паказаць, што хлопцаў забіраюць у войска сілай».

У размове Аляксей шмат разважае пра сучасную беларускую армію.

«Армія ў тым выглядзе, у якім яна існуе ў Беларусі, — гэта жахліва. Праблема ў тым, што ніхто ня ведае, што там робіцца. Калі чалавек знаходзіцца ў войску, ён ня можа сябе абараніць. Напэўна, гэта найбольшая праблема — брак празрыстасьці службы».

«У ваекнамаце запыталіся, ці не сваяк мне Каліноўскі»

Адразу хлопца хацелі накіраваць служыць у Горадню. Калі даведаліся, што Лазараў працуе праграмістам, вырашылі адправіць у IT-роту. Але высьветлілася, што месцаў няма, таму вярнулі варыянт з Горадняй.

Аляксей Лазараў зь дзяўчынайАляксей Лазараў зь дзяўчынай

«Я вучыўся на вайсковай катэдры, маю спэцыяльнасьць „камандзір аддзяленьня пераносных зэнітна-ракетных комплексаў“. У камісарыяце я моцна пасварыўся з камісіяй. Мне сказалі, што забяруць 22 лістапада, а я вельмі хацеў паехаць на пахаваньне Кастуся Каліноўскага. Я спрабаваў нармальна дамовіцца, але яны спыталі, чаму мяне гэта цікавіць. Я сказаў, што гэта наш нацыянальны герой і мы ня толькі ехаць туды павінны, а яшчэ і зь Вільні ў Менск на руках несьці!

У мяне спыталі: „А ён што, нейкі сваяк вам?“. Я сказаў — так, ён ледзь ня бацька ўсіх беларусаў! І тады мне сказалі, што альбо я прыношу даведку, што ён мне сваяк, альбо тлумачу, навошта мне туды ехаць. Я сказаў, што еду ад „Задзіночаньня беларускіх студэнтаў“, і тады мне сказалі, каб я ішоў у Міністэрства адукацыі і прасіў паперку. Увогуле мы не дамовіліся. Потым пачалася наша кампанія, былі нейкія незразумелыя выбухі ў вайсковай частцы ў Горадні, і мяне вырашылі адправіць у Заслонава ў Віцебскай вобласьці».

Зь сябраміЗь сябрамі

Праблемаў у войску Аляксей не баіцца. Але кажа, што нават калі і будуць, ён да іх гатовы: «Я сам у гэтым вінаваты, сам увязаўся. Але ня думаю, што некаму захочацца зьвязвацца з „Моладзевым блёкам“».

Да законапраекту «аб адтэрміноўках» Аляксей, як кажа сам, быў апалітычны. Яму не падабалася, што старыя апазыцыйныя палітыкі заклікаюць людзей на акцыі, кідаюцца лёзунгамі і больш нічога ня робяць.

«Але выявілася, што ў нас ёсьць, напрыклад, „Задзіночаньне беларускіх студэнтаў“, Legalize Belarus, якія маюць канкрэтныя патрабаваньні. У Беларусі максымальна апалітычная моладзь, бо мы вырасьлі ў сем’ях, якія ў свой час ад рэжыму пацярпелі і сталі апалітычнымі, — разважае Лазараў. — Яны ўкладалі сілы, каб нешта зьмяніць, але нічога не атрымалася. Напэўна, таму яны і выгадавалі нас так, што лепш сядзець і не высоўвацца».

У падарожжы па Карэліі прачытаў «Вайну і мір»

Мы размаўлялі з Аляксеем у перадапошні дзень яго працы ў IT-кампаніі ITRex Group, якая ўваходзіць у ПВТ. Паводле спэцыяльнасьці хлопец пачаў працаваць з другога курсу, а да гэтага падпрацоўваў на заводзе «Керамін», дзе працуюць ягоныя бацькі.

Пра сваё дзяцінства Лазараў кажа, што яно было звычайнае. У яго не было інтэрнэту, тэлеканалаў з мульцікамі, таму глядзеў навіны і шмат чытаў. Ён узгадвае, як у другой клясе мама падсунула яму «Гары Потэра».

Аляксей ЛазараўАляксей Лазараў

«Прычым адразу чацьвёртую частку! І панеслася. Я проста залпам чытаў кніжкі ўсё жыцьцё. Не заўсёды яны былі сур’ёзныя, — усьміхаецца малады чалавек. — На вуліцы ў футбол гуляў, на ровары катаўся. Ня меў часу курыць, піць, бо бацькі ўвесь час на нейкі спорт адпраўлялі — акрабатыка, каратэ, вялікі тэніс».

Кнігі сталі вялікай часткай дзяцінства Аляксея, ён кажа аб прачытаным з захапленьнем. Напрыклад, у 10 клясе ён разам зь сяброўкай і яе сям’ёй паехаў у паход у Карэлію.

«Мы сплаўляліся па рацэ да Белага мора. І за два тыдні я прачытаў усю „Вайну і Мір“, хоць шмат хто кажа, што гэта жудасна нудна. Гэта было клясна: ты ляжыш, чытаеш, а вакол няма цывілізацыі», — кажа Аляксей і зьмяняе тэму:

Аляксей Лазараў, архіўнае фотаАляксей Лазараў, архіўнае фота

«Я мала дзе бываў, бо на другім курсе пачаў працаваць, пайшоў на вайсковую катэдру і проста не было часу. Я б хацеў у ЗША зьезьдзіць, у Крэмневую даліну — паглядзець, як заходнія айцішнікі працуюць. Яшчэ хацеў бы ўбачыць вялікі вадаспад, напрыклад, Анхель або Ніягарскі».

Аляксей адкрыта кажа, што зарабляе 1700 даляраў на месяц, і дадае, што добра бачыць розьніцу паміж тым, як жывуць айцішнікі і астатнія людзі.

«Айцішнікі ўсьміхаюцца на працы, могуць разам схадзіць піва папіць, а астатнія — не, бо ў іх „дом-праца-дом“. Забавы ў айцішнікаў — ня толькі пабухаць схадзіць. Яны актыўна адпачываюць, езьдзяць куды-небудзь ледзь ня кожныя некалькі месяцаў. Мяне хвалюе, што іншыя людзі ня могуць сабе гэтага дазволіць. Хоць мы, айцішнікі, жывём у Беларусі, як сярэдняя кляса ў Заходняй Эўропе».

* * *

6:50 раніцы, 25 лістапада.

Каля камісарыяту Стас Шашок сьпявае «In my mind», кампанія робіць на памяць фота са сьцягам «End the drugs war». Міхась Варанцоў закруціся ў бел-чырвона-белы сьцяг.

— Прызыўнікі, праходзьце ў 101 кабінэт! — крычыць мужчына ў цывільным.

Аляксей заходзіць у будынак ваенкамату.

Праз хвілін 20 ён выходзіць. Ёсьць яшчэ зусім трошкі часу, каб разьвітацца з сябрамі.

— Мы да цябе прыедзем на бусіку, — некалькі разоў гучыць з натоўпу актывістаў.

— Не даедзеце, ён разваліцца на палове дарогі, — сьмяецца Аляксей.

Аляксей заходзіць у аўтобус разам з іншымі прызыўнікамі. Бліжэйшыя паўгоду ён правядзе ў частцы ў Заслонаве.


Крыніца: Радыё Свабода

Подписывайтесь  на наш telegram канал

Обсуждение