«Сын у турме сядзіць, якая армія?» Рэчыцкі ваенкамат апублікаваў імёны і адрасы «ўхілістаў» у раённай газэце

«Сын у турме сядзіць, якая армія?» Рэчыцкі ваенкамат апублікаваў імёны і адрасы «ўхілістаў» у раённай газэце

Свабода за гадзіны знайшла аднаго з «ухілістаў» і родных тых, каго ваенкамат шукае празь мясцовую прэсу.

24 марта 2018

Сьпіс прызыўнікоў, якія, на думку мясцовага ваенкама, ухіляюцца ад прызыву, разам з хатнімі адрасамі разьмясьцілі 19 сакавіка на сайце раённага выданьня «Дняпровец».

Артыкул пад назвай «Прозьвішчы „ўхілістаў“ Рэчыцкага раёну паведамілі ў ваенкамаце»падпісаны кіраўніком аддзелу прызыву ваенкамату Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў Уладзімерам Осіпавым.

«Жыхарам Рэчыцкага раёну цікава будзе ведаць прозьвішчы тых, хто спрабуе прайсьці службу „завочна“, гэта значыць адседзецца, лічачы абарону Айчыны ганаровым, але не сваім абавязкам», — піша супрацоўнік ваенкамату. Пад сьпісам з 18 прозьвішчаў пазнака: «Гэтыя прызыўнікі на дадзены момант знаходзяцца ў вышуку».

Свабода знайшла некаторых хлопцаў і даведалася ў родных іншых, ці насамрэч фігуранты сьпісу адмаўляюцца ісьці ў войска.

Позва на службу ў беларускай армііПозва на службу ў беларускай арміі

«Ён у турме сядзіць, якая армія?»

«Я ня ведаю, як ставіцца да такіх артыкулаў, — кажа Ірына, маці Ўладзіслава Шынгірэя. — Перад тым як пісаць, трэба даведацца, ухіляецца ён ад службы ці не. Напісалі канкрэтна, што ён быццам ухіляецца. Сын паехаў у Маскву працаваць, улез некуды — і ўсё, пасадзілі яго ў турму там. Як ён можа ўхіляцца ад службы ў войску, калі ён у турме?»

Са слоў Ірыны, яна ня раз казала ўчастковаму, што здарылася з сынам і дзе ён, аднак позвы з ваенкамату ўсё ідуць і ідуць.

«Звоняць з ваенкамату, мы ім усё гаворым, а яны ўсё адно, — працягвае Ірына. — То гавораць, што бачылі сына ў ваенкамаце, то яшчэ што. Як можна бачыць яго там, калі ён у турме? З канца мінулага году сядзіць. Ён і ня быў супраць у гэтую армію ісьці, але вось так атрымалася».

Маці яшчэ аднаго фігуранта сьпісу з публікацыі рэчыцкай раёнкі, Мікіты Самончыка, кажа, што сын нават сам пайшоў у ваенкамат і атрымаў там позву.

«Наколькі я ведаю, любы журналіст павінен мець дзьве крыніцы інфармацыі, правільна? — кажа Людміла Самончык. — Яны мусілі перад публікацыяй са мной хаця б пагаварыць. Напісалі, што хлопцы ў вышуку. Рэчыца маленькі горад, вы разумееце? Незразумела, як гэта людзі ацэняць. Сын на выходных быў за мяжой, пашпартны кантроль праходзіў. Што значыць — знаходзіцца ў вышуку? Гэта як?»

Людміла прызнаецца, што вельмі абураная, але баіцца сказаць лішняе. Яна гатовая падпісацца пад агульным пазовам у суд супраць ваенкамату і раённай газэты.

«Сын у пятніцу (16 сакавіка. — РС) пайшоў у ваенкамат і атрымаў позву, а яны пішуць, што ён у вышуку, — кажа яна. — Я разумею, што гэта абавязак, але не да такой ступені, каб публікаваць прозьвішчы з адрасамі ў газэце… Гэта справа ваенкамату, яны павінны званіць і шукаць. Гэта ня справа газэты. Магчыма, мой сын хварэе альбо яшчэ нешта. Узялі і апублікавалі, напісалі, што ён у вышуку знаходзіцца. Хай бы сустрэліся зь ім. Сын у панядзелак мне паказаў у інтэрнэце гэты артыкул. Я расстроілася, але Мікіта сказаў, што ня варта з гэтым разьбірацца».

Людміла Самончык кажа, што яе сын Мікіта вучыўся ў БДУІРы, ня змог здаць сэсію і прыехаў дадому. Будзе спрабаваць працягнуць вучобу. У ваенкамат пасьля першай позвы не прыйшоў — і адразу трапіў у газэту.

Бабуля яшчэ аднаго фігуранта сьпісу, Мікіты Мінянкова, кажа Свабодзе, што ўнук даўным-даўно не жыве зь ёй, працуе ў Расеі. Участковы пра гэта ведае, аднак позвы працягваюць прыходзіць менавіта да яе.

«Ён у мяне прапісаны, я бабуля яго па бацьку. Але Мікіта даўно тут не жыве, — кажа Ніна Аркадзьеўна Мінянкова. — Шэсьць гадоў мой сын зь Мікітавай маці разам не жыве, разьвяліся яны, а прапіска засталася… Позвы да мяне прыходзяць. Я ім званю ў ваенкамат, гавару, але мяне ніхто ня слухае. Надрукавалі мой адрас у газэце. Я чытала і плакала, перажываю за Мікіту. Крыўдна мне. Я ўчастковаму гаварыла, што пайду сама падлогу мыць, бульбу чысьціць гэтыя паўтара года, адслужу за ўнука… Участковы запісаў з маіх словаў, што ня бачу я Мікіты, і пайшоў. А потым позва зноў да мяне. Вось сёньня зноў заказны ліст на яго імя прыйшоў».

Беларускае войска на парадзе ў МенскуБеларускае войска на парадзе ў Менску

«Я сам быў у ваенкамаце, яны нічога сказаць ня могуць»

Жыхар Рэчыцы Аляксандар Кавалеўскі ўзначальвае сьпіс «ухілістаў», надрукаваны «Дняпроўцам». У размове са Свабодай кажа, што асабіста хадзіў у ваенкамат літаральна на днях.

«Я ім проста ў ваенкамаце ў вочы выказаў усё, што думаю пра гэтую гісторыю, — кажа Аляксандар. — У мяне жонка цяжарная. Я яшчэ ў панядзелак занёс ім усе дакумэнты, мяне не павінны забіраць у войска. Але ўсё адно ў гэты сьпіс уключылі. Учора зноў пайшоў, яны мне нічога сказаць ня могуць».

Вайсковы камісар Рэчыцы Ігар Ніслоўскі адмовіўся камэнтаваць Свабодзе публікацыю сьпісу «ўхілістаў».

Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Ўладзімер Макараў апэратыўна пракамэнтаваць сытуацыю ня змог і паабяцаў зрабіць гэта «ў вызначаныя законам тэрміны».


Крыніца: Радыё Свабода

Комментировать

Помочь проекту