Сьледчыя эксгумавалі цела салдата Коржыча на патрабаваньне маці

Сьледчыя эксгумавалі цела салдата Коржыча на патрабаваньне маці

Сьледчыя ў справе салдата Аляксандра Коржыча, які гвалтоўна загінуў у вайсковай частцы ў верасьні 2017 году, правялі эксгумацыю цела. Аб гэтым Свабодзе расказала маці загінулага салдата Сьвятлана.

8 июня 2018

7 чэрвеня старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што сьледзтва ў справе Аляксандра Коржыча працягнутае, прызначаны шэраг дадатковых экспэртыз. Паводле Наскевіча, яны зоймуць некалькі тыдняў, пасьля чаго справа будзе перададзеная ў суд.

Як стала вядома Свабодзе, 6 чэрвеня цела Аляксандра Коржыча было эксгумаванае.

«Учора прыехалі, паклікалі мяне на эксгумацыю. Выкапалі, спыталі, ці гэта мой сын. Я сказала, што так, мой, — расказала Сьвятлана Коржыч. — Мясцовых больш нікога не дапусьцілі на эксгумацыю. Толькі мяне. Забралі цела ў морг, узялі ўсё неабходнае для экспэртызы. Сказалі, што празь некалькі тыдняў паведамяць вынікі».

Эксгумацыя цела Аляксандра Коржыча была адным з патрабаваньняў яго маці, якая не пагадзілася з высновамі сьледзтва. Сьвятлана Коржыч знаёмілася з матэрыяламі справы на працягу ўсяго траўня, пасьля чаго зьвярнулася ў СК і адміністрацыю Лукашэнкі з патрабаваньнем правесьці эксгумацыю цела сына для правядзеньня дадатковай мэдыцынскай экспэртызы. Яна перакананая, што сын стаў ахвярай забойства.

Сьвятлана КоржычСьвятлана Коржыч

Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, Аляксандра Коржыча «давялі да самагубства». Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

Па выніках расьсьледаваньня ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце захадаў прадухіленьня гібелі Коржыча з войска звольнілі пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

Адбыўся таксама шэраг судоў за дзедаўшчыну, не зьвязаных са сьмерцю Аляксандра Коржыча.

30 сакавіка прапаршчыка з 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру ў Печах Ігара Хішчанку, які катаваў салдат электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

4 траўня суд Барысаўскага раёну вынес прысуд сяржанту зь Печаў Арцёму Бердніку — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады цягам 5 гадоў, з пазбаўленьнем воінскага званьня сяржант.

18 траўня суд Барысаўскага раёну Менскай вобласьці пакараў трыма гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму 23-гадовага сяржанта Андрэя Зайца з вайсковай часткі 39864 у Печах пад Барысавам.

6 чэрвеня Барысаўскі раённы суд пакараў сяржанта К., які праходзіў службу ў 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры ў Печах на пасадзе намесьніка камандзіра ўзводу, зьняволеньнем на тры з паловай гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў, зьвязанае з гвалтам, а таксама за атрыманьне хабару.

Таксама ў Барысаўскім раённым судзе пачаўся чацьвёрты з пачатку году працэс над вайскоўцам зь Печаў, якога вінавацяць у зьбіцьці падначаленых. Старшага лейтэнанта Глеба Чайкоўскага судзяць паводле 455 артыкула — за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі з ужываньнем гвалту.

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак, па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармуе БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.

Акрамя школаў, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.


Крыніца: Радыё Свабода

Подписывайтесь  на наш telegram канал

Комментировать