Пасьля сьмерці Коржыча ў Печах ягоны сябра-саслужывец спрабаваў учыніць самагубства

Пасьля сьмерці Коржыча ў Печах ягоны сябра-саслужывец спрабаваў учыніць самагубства

У судзе выяўляюцца новыя дэталі ў справе аб гібелі салдата Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Барысаве.

13 августа 2018

13 жніўня на працэсе па крымінальнай справе аб сьмерці салдата Аляксандра Коржыча прадоўжылі допыт пацярпелых салдат. Пятым дапытаным стаў Раман Аскерка, зь якім Коржыч разам служыў у Печах.

Раман Аскерка адзіны прысутны на працэсе саслужывец Аляксандра Коржыча, зь якім той падтрымліваў блізкія сяброўскія адносіны падчас службы.

Коржыч і Аскерка служылі ў 3-й роце 307 школы, іх ложкі стаялі побач у адной казарме. Аб тым, што Аляксандар Коржыч падтрымліваў блізкія адносіны з Аскеркам, гаварылі і іншыя апытаныя судом пацярпелыя салдаты.

Акрамя Аскеркі, Коржыч цесна кантактаваў з шарагоўцам Аліхаджаевым, які зрабіў спробу самагубства неўзабаве пасьля сьмерці Коржыча і быў камісаваны пасьля знаходжаньня ў Навінках. Аліхаджаеў у працэсе ня ўдзельнічае, месца яго знаходжаньня невядомае.

«Напачатку мы не асабліва цесна кантактавалі з Коржычам, — расказаў суду Раман Аскерка. — Калі разам трапілі ў трэцюю роту, ужо кантактавалі больш цесна. Мой ложак быў побач з ложкам Аляксандра. Нармальны хлопец, ні зь кім не канфліктаваў, нармальныя меў зносіны. Коржыч ня скардзіўся мне ні на што спачатку. Пачаў скардзіцца пасьля таго, як трапіў у мэдпункт у пачатку верасьня. Коржыч гаварыў, што ў яго баліць сэрца. Пасьля мэдпункта ён перастаў кантактаваць зь іншымі саслужыўцамі. Прыкладна праз тыдзень пасьля гэтага, Аляксандра забралі ў мэдпункт. Больш я яго не бачыў».

Новыя сьведчаньні нестатутных адносін у Печах

Раман Аскерка, як і іншыя апытаныя судом пацярпелыя салдаты, расказаў пра парушэньні статуту, якія былі ў частцы. У прыватнасьці пра выкуп права карыстацца тэлефонамі ў сяржантаў (асабіста Аскерка заплаціў за гэта 30 рублёў), неабходнасьць пэрыядычна набываць сяржантам каву, цыгарэты, вафлі і іншыя прадукты. Таксама ён пацьвердзіў, што некалькі разоў сяржант Бараноўскі прымушаў салдатаў адціскацца ад зямлі за дробныя парушэньні. У тым ліку ў супрацьгазах.

«Я б не сказаў, што Коржыч меў канфлікты з Бараноўскім, ён меў нармальныя зь ім стасункі, — расказаў Аскерка. — Аднойчы я бачыў, як сяржант Вяжэвіч патрабаваў у Коржыча набыць яму вафлі. Коржыч набываў сяржантам прадукты, але колькі разоў ён гэта рабіў, я не ведаю. Таксама быў выпадак, калі сяржант Вяжэвіч загнаў Коржыча ў яму і кідаў у яго рыдлёўкі зьверху ўніз. Пры гэтым ён сьмяяўся. Сяржант Скуратовіч усё бачыў, але не ўмешваўся».

У мэдроце Коржыча трымалі пад вартай

Раман Аскерка пацьвердзіў, што сяржант Бараноўскі карыстаўся тэлефонам Коржыча. Чаму так адбывалася, ён не ведае.

«У другой палове верасьня я павёў у мэдроту іншага саслужыўца, — расказаў Раман Аскерка. — Там я запытаўся, дзе Аляксандар Коржыч, як яго можна ўбачыць. Мне сказалі, што яго ў мэдроце няма. І што ён хутчэй за ўсё ў шпіталі, куды яго адвезьлі з мэдроты. Мне вядома, што ў мэдроце Коржыч знаходзіўся пад вартай. Аб гэтым гаварылі ў роце салдаты. Не ведаю, адкуль была такая інфармацыя».

Раман Аскерка таксама расказаў, што аб сьмерці Аляксандра Коржыча яго саслужыўцы даведаліся ад сьледчых, якія прыйшлі ў частку рабіць агляд рэчаў загінуўшага салдата. Ні кіраўніцтва часткі, ні сяржанты аб гэтым ім не паведамлялі.

«Я ня ведаю, чаму Аляксандар зрабіў гэта, — сказаў Раман Аскерка. — Ён не гаварыў мне, што хоча зьдзейсьніць самагубства і не скардзіўся на дзеяньні сяржантаў».

Працэс па справе аб сьмерці салдата Аляксандра Коржыча ідзе ў Менскім абласным судзе Менску з 8 жніўня. На лаве падсудных трое сяржантаў роты, у якой служыў загінулы шараговец.

Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Праз два тыдні пасьля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні да 8 вайскоўцаў. Пазьней колькасьць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў павялічвалася: акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднак з больш чым 15 чалавек, затрыманых у справе, на лаве падсудных у першым працэсе апынуліся толькі тры сяржанты, якім прад’явілі абвінавачваньні паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Частка 3 артыкула 455 КК. Злоўжываньне начальніка ці службовай асобы ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі зь цяжкімі наступствамі. Пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцьце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.


Крыніца: Радыё Свабода

Комментировать