«Нікога ня слухай, твайго сына павесілі». Маці салдата Аляксандра Арлова чакае вынікаў расьсьледаваньня

«Нікога ня слухай, твайго сына павесілі». Маці салдата Аляксандра Арлова чакае вынікаў расьсьледаваньня

Вайскоўца тэрміновай службы знайшлі павешаным 5 верасьня. На яго шыі было дзьве стангуляцыйныя баразны. Родныя катэгарычна нязгодныя з вэрсіяй пра суіцыд.

7 декабря 2018

20-гадовага Аляксандра Арлова зь вёскі Краснае Карэліцкага раёну пахавалі 7 верасьня. У Менску ў гэты час ішоў працэс у справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча. Арлова, як і Коржыча, знайшлі ў пятлі ў частцы, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Цела адвезьлі на экспэртызу, пасьля перадалі родным. Афіцыйная вэрсія сьмерці, агучаная на сайце Мінабароны, — суіцыд. Маці загінулага салдата Вольга выказвала сумненьні ў гэтым ужо ў дзень пахаваньня. Праз тры месяцы расьсьледаваньня сьмерці сына жанчына толькі больш пераканалася ў тым, што сын стаў ахвярай забойства.

Сьледчых бачыла адзін раз

«Расьсьледаваньне працягваецца, мне сказалі, што робяць экспэртызу ДНК цяпер, — расказала Свабодзе маці загінулага салдата. — Робяць экспэртызу генэтычных матэрыялаў. Мне сьледчая казала, што можна ўсё вызначыць — і ўзрост, і пол. Калі ўсе вынікі будуць гатовыя, то яны паедуць туды ў частку і будуць у саслужыўцаў Сашы браць адбіткі пальцаў, рабіць тэсты ДНК. Тады ўжо знойдуць злачынцу».

Вольга расказвае, што бачылася са сьледчымі, якія займаюцца справай аб гібелі яе сына Аляксандра, адзін раз. Яны прыяжджалі ў Краснае яшчэ ў верасьні, апыталі родных і вярнуліся ў Горадню. Вольга час ад часу сазвоньваецца са сьледчай. Па словах маці загінулага салдата, затрыманых у справе аб ягонай сьмерці пакуль няма.

Вольга на пахаваньні сынаВольга на пахаваньні сына

«Сказалі, што затрыманьні могуць быць пасьля правядзеньня экспэртыз, — расказвае жанчына. — Я па-ранейшаму перакананая, што сына забілі. Мая думка не памянялася. Дзьве баразны на шыі ніяк ня могуць быць у таго, хто павесіўся. Дзе я ні пыталася, усе мне гавораць адно — толькі адна баразна можа быць. Я нават у аднаго калегі пыталася, чый сын павесіўся сам. Ён мне кажа — нікога ня слухай, твайго сына павесілі. Ня можа быць дзьве баразны, калі чалавек сам гэта зрабіў».

Дзьве стангуляцыйныя баразны на шыі свайго сына Вольга сфатаграфавала, здымкі захоўвае ў сябе. Сьледчыя іх да справы не далучылі, сказалі жанчыне, што маюць свае. Акрамя гэтага, падазрэньні ў жанчыны выклікаюць гематомы на руках і назе сына, якія яна заўважыла перад пахаваньнем.

«Мой сын не павесіўся, яго павесілі, — перакананая Вольга. — А прычына ў тым, што ня меў грошай. Перад сьмерцю ён пастаянна прасіў грошы. Грошы, грошы, грошы. На прысягу яму дала сто рублёў, потым двойчы па 50, яшчэ і на картку высылала. Зусім на іншую асобу. У траўні, калі прыяжджаў, дала 100 рублёў. У чэрвені высылалі грошы — то 30, то 50, то 20 рублёў. У ліпені быў у звальненьні, заяжджаў да дзяўчат у Мір, зь якімі некалі працаваў. Яны яму яшчэ далі з сабой грошай. Я пра гэта ня ведала, толькі пасьля пахаваньня мне расказалі. Уся справа ў грашах. Навошта яму былі грошы, калі ён пайшоў служыць?»

«Салдаты баяцца сказаць праўду»

Саслужыўцы Аляксандра Арлова скончаць службу толькі ў траўні. Маці загінулага салдата мяркуе, што ўсе яны запалоханыя і ня хочуць расказваць тое, што ведаюць.

«Яны ўсе баяцца сказаць праўду, — гаворыць Вольга. — Іх жа саміх потым папрыбіраюць. Ведаю пра аднаго саслужыўца Сашы, які ў курсе таго, як усё адбылося на самой справе. Ён быў на месцы, дзе сына знайшлі. Я нават ягонае прозьвішча ведаю, але ня буду гаварыць пра гэтае дзіця. Не хачу браць грэх на сваю душу. Я ўжо аднаго пахавала. Не хачу, каб яго маці потым мяне праклінала».

Фота Аляксандра АрловаФота Аляксандра Арлова

Ужо пасьля пахаваньня Вольга даведалася некаторыя падрабязнасьці з апошніх гадзінаў жыцьця сына, а таксама абставіны ягонай сьмерці. Паводле жанчыны, жывым Аляксандра Арлова бачылі літаральна за гадзіну да сьмерці, на пляцы вайсковай часткі. Знайшлі цела ўвечары 5 верасьня ў адным з памяшканьняў. На дзьвярах быў зламаны навясны замок, а ў столь убіты крук. Пры гэтым вышыні столі не хапала для звычайнага павешаньня, Арлова знайшлі з абапёртымі аб падлогу каленямі, побач з трупам стаяла крэсла.

«Мне ўсё гэта вайскоўцы расказалі, — гаворыць Вольга. — Але навошта было станавіцца на крэсла, убіваць крук у столь, потым зьлезьці з крэсла і павесіцца на каленях? Каб ён хацеў павесіцца, то ён бы адразу павесіўся, навошта было злазіць з крэсла? У 18.30 сына бачылі жывым на пляцы, у 19.50 знайшлі мёртвым. Чым ён той замок зь дзьвярэй мог зьбіць? Гэта ж не саб’еш каменем, трэба, каб манціроўка была. І грукат будзе, там замок з палец таўшчынёй. Побач з капцёркай, дзе сына знайшлі, палаткі з салдатамі былі. Ніхто нічога ня чуў, як так магло быць?»

Паводле маці загінулага салдата, сьледчыя дзеяньні з удзелам былых саслужыўцаў яе сына могуць працягвацца ўвесь сьнежань і студзень. Такія тэрміны ёй агучылі ў СК.


Крыніца: Радыё Свабода

Комментировать