
Мінабароны расказала пра стан здароўя вайскоўца з каранавірусам і ізаляцыю яго таварышаў па службе
Стан інфікаванага з 72-га вучэбнага цэнтру ў вайсковым гарадку Печах пад Барысавам «стабільны з тэндэнцыяй да паляпшэньня». Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Міністэрстве абароны.
17 апреля 2020
Там удакладнілі, што 15 красавіка маладога чалавека шпіталізавалі ў Галоўны вайсковы клінічны мэдцэнтар Узброеных сіл з дыягназам «пнэўманія».
«Яму адразу ж зрабілі тэст на наяўнасьць каранавіруснай інфэкцыі, учора мы атрымалі станоўчы вынік», — сказала прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік.
16 красавіка ізалявалі ўсіх, хто служыў з хворым — каля 100 чалавек. Цяпер яны знаходзяцца на палігоне ў намётавым мястэчку. Мэдыкі яго паставілі за некалькі тыдняў да таго, калі праводзілі трэніроўку на выпадак пагаршэньня эпідэміялягічнай сытуацыі.
Паводле Натальлі Гаўрусік, у ізаляцыі вайскоўцы прабудуць як мінімум 14 дзён, нават калі ўсе будуць «бадзёрыя і здаровыя».
Прадстаўніца ведамства падкрэсьліла, што цяпер увялі захады, якія абмяжоўваюць сацыяльную актыўнасьць. На працягу апошніх трох тыдняў абмяжоўваліся перамяшчэньні падраздзяленіняў, службовыя выправы, звальненьні, наведваньні вайскоўцаў тэрміновай службы.
Крыніца: Радыё Свабода
