«Калі ў яго хвілінка, ён заўжды пазвоніць», — маці загінулага салдата

«Калі ў яго хвілінка, ён заўжды пазвоніць», — маці загінулага салдата

20-гадовы салдат тэрміновай службы Дзьмітры Ўдод загінуў 4 красавіка падчас плянавых заняткаў. Пра здарэньне апэратыўна паведаміла Міністэрства абароны. Паводле афіцыйнай інфармацыі, экіпаж БМП парушыў меры бясьпекі пры дзеяньнях па ўзбраеньні баявых машын.

5 апреля 2018

Маці Дзьмітрыя Натальлі Мікалаеўне паведаміў пра трагедыю ваенкам па тэлефоне.

«Я нармальна не разабралася, снарад там разарваўся ці што, ня ў курсе. Але ўжо ў жывых няма дакладна. Дзьве гадзіны таму, тры ўжо», — кажа Свабодзе Натальля Мікалаеўна.

Дзьмітры Ўдод з маці Натальляй пасьля прысягі, чэрвень 2017Дзьмітры Ўдод з маці Натальляй пасьля прысягі, чэрвень 2017

Сям’я жыве ў вёсцы Навінкі, Калінкавіцкага раёна. У Натальлі Мікалаеўны 6 дзяцей.

«Тры дочкі і тры сыночкі, — кажа Натальля Мікалаеўна. — Дзіма — гэта ў мяне трэці па ліку».

Па прафэсіі Дзьмітры тынкоўшчык-маляр. Год працаваў у калгасе ў будаўнічай брыгадзе. «У войска яго то бралі, то ня бралі, але пасьля ўжо забралі. Раней ён стаяў на ўліку як сардэчнік, але пасьля яго зьнялі з уліку і ўзялі ў войска», — кажа маці.

У войску, кажа Натальля Мікалаеўна, Дзьмітрыю падабалася, скаргаў не было.

«Падабалася, званіў, жартаваў, што хлопцы вясёлыя. І ў Печы ж мы езьдзілі, і ва Ўручча я езьдзіла ў 120-ку, — кажа маці. — Усё нармальна, як паложана. Ня скардзіўся ніколі ў жыцьці».

Дзьмітры Ўдод (справа) пасьля прысягі, чэрвень 2017 годуДзьмітры Ўдод (справа) пасьля прысягі, чэрвень 2017 году

Дзьмітры Ўдод праслужыў амаль год. Лістоў не пісаў, але кожны дзень ранкам сазвоньваўся зь сям’ёй.

«Калі ў яго хвілінка, ён заўжды пазвоніць: „Мама, вось мы едзем на палігон“. Я кажу: добра, сынок, глядзі, каб усё нармальна. „Усё нармальна“».

Сёньня, кажа Натальля Мікалаеўна, Дзьмітры не пазваніў, але напісаў ёй у сацыяльных сетках.

«Напісаў: „Мне засталося 239 дзён“, — кажа маці. — Гэта значыць, да дома, да лістапада».

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці завёў крымінальную справу паводле крымінальнага артыкула 463.2 «Парушэньне правіл абыходжаньня са зброяй», паведаміла ў сваім фэйсбуку афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова. Другая частка гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін на пяці гадоў. Ад вайскоўцаў камісію па расьсьледаваньню абставін і прычын здарэньня ўзначальвае намесьнік Мінабароны.

22 чэрвеня 2018-га Дзьмітрыю споўніўся б 21 год.


Крыніца: Радыё Свабода

Начать обсуждение