Экс-міністр абароны: Калі ёсць “дзедаўшчына”, найперш вінаваты камандзір часці

Экс-міністр абароны: Калі ёсць “дзедаўшчына”, найперш вінаваты камандзір часці

Былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі распавёў пра тое, як трэба змагацца з “дзедаўшчынай”, і ці варта вайскоўцам выносіць “смецце з хаты”.

12 октября 2017

Нагадаем, што днямі ў вайсковай часці пад Барысавам адбыўся трагічны выпадак: павесіўся 21-гадовы салдат тэрміновай службы. Упраўленнем Следчага камітэта па Менскай вобласці ўжо “прынята рашэнне аб завядзенні крымінальнай справы па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.443 (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы)”. Тым часам, бацькі вайскоўца агучылі сваю версію таго, што здарылася. Яны мяркуюць, што іх сына давялі да суіцыду… Павел Казлоўскі: На ўсе пытанні павінна даць адказы следства, і, мяркую, яно аб’ектыўна разбярэцца ў тым, чаму сёння маці вымушана не сустракаць сына з арміі жывым і здаровым, а атрымліваць яго ў труне. РР: Родныя хлопца выказваюць меркаванне, што яго праз здзекі давялі да самагубства. Як увогуле змагацца з такой праявай, як “дзедаўшчына” ў арміі? Павел Казлоўскі: Калі ёсць “дзедаўшчына”, то найперш у гэтым вінаваты камандзір часці. Менавіта камандзір — гэта той чалавек, які павінен быць у курсе ўсіх падзей, што адбываюцца ў яго гаспадарцы. Ён абавязаны ведаць, якія стасункі паміж вайскоўцамі, паміж салдатамі і афіцэрамі. Павінен нават ведаць, чым жыў чалавек да арміі і чым жыве падчас службы. Армія – гэта ж сям’я, а камандзіры – бацькі. І менавіта апошнія ў адказе за тое, што адбываецца з іх падначаленымі. РР: Але нярэдка тыя самыя “бацькі”, каб захаваць “гонар мундзіра”, хаваюць факты нестатутных адносін… Павел Казлоўскі: А вось якраз з гэтым і трэба змагацца. Думаеце, сёння міністру абарону прыемна чытаць пра тое, што пішуць пра трагічны выпадак у Барысаве? Гэта падвышае аўтарытэт арміі? Безумоўна, не. Паўтаруся, не варта рабіць нейкія высновы, пакуль сваё слова не скажа следства, але, калі факты “дзедаўшчыны” ёсць, то іх наадварот трэба публічна агалошваць. Не той выпадак, калі, як кажуць, смецце з хаты не выносяць. І трэба біць у званы Міністэрству абароны, каб не паўтарыліся новыя трагедыі.

Крыніца: Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Начать обсуждение