«Аляксандар Рыгоравіч, у вас жа сваіх трое сыноў». Маці загінулага салдата напісала Лукашэнку

«Аляксандар Рыгоравіч, у вас жа сваіх трое сыноў». Маці загінулага салдата напісала Лукашэнку

Адказ прыйшоў з Генпракуратуры. Расьсьледаваньне сьмерці Аляксандра Арлова прызналі няпоўным і неаб’ектыўным, прызначылі дадатковую праверку.

3 апреля 2019

Вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Арлова знайшлі павешаным 5 верасьня. На ягонай шыі были дзьве стангуляцыйныя баразны. Родныя салдата адразу заявілі, што ня згодныя з вэрсіяй пра суіцыд.

Праверка па факце сьмерці вайскоўца скончылася толькі ў канцы лютага. Маці загінулага Вользе паведамілі, што ў гібелі яе сына няма сьлядоў крыміналу. Выпадак прызналі суіцыдам. У пачатку сакавіка Вольга была ў абласным упраўленьні Сьледчага камітэту ў Горадні, езьдзіла азнаёміцца з вынікамі праверкі. Аднак у СК жанчыне забаранілі рабіць копіі дакумэнтаў. Вользе стала дрэнна, са Сьледчага камітэту яна зьехала на машыне «хуткай».

Маці Аляксандра Арлова Вольга расказала Свабодзе, што не зьвярталася ў Генпракуратуру са скаргай на расьсьледаваньне сьмерці сына. Жанчына кажа, што вырашыла адразу напісаць у адміністрацыю Лукашэнкі асабіста кіраўніку краіны.

«Мне сказалі, што трэба тэкст ліста набіраць на кампутары. Што так лепш будзе, але мне не было дзе, — гаворыць Вольга. — Я ад рукі напісала пра ўсё, на чатырох лістах. Усё сваімі словамі. „Аляксандар Рыгоравіч, у вас жа сваіх трое сыноў, калі б на месцы майго сына быў павешаны ваш, справа ўжо была б закрытая, а забойцы сядзелі ў турме. А як калгасьнік, то справу можна закрыць і зрабіць так, што сам вінаваты“, — так і напісала. Што думала, так і напісала».

Ліст у адміністрацыю Лукашэнкі Вольга адаслала яшчэ да завяршэньня праверкі, на пачатку лютага. Гаворыць, што баялася нэгатыўнай рэакцыі сьледчых, аднак вырашыла ўсё ж напісаць. Прычынай такога кроку жанчына называе недавер да ходу праверкі. Па словах Вольгі, яна пакуль ня мела размовы з новым сьледчым у справе сына. Ліст з Генэральнай пракуратуры для яе стаў нечаканасьцю.


Крыніца: Радыё СвабодаРадыё Свабода

Подписывайтесь  на наш telegram канал

Комментировать